4 снежня ў 14.00 ЦГБ імя М. Горкага запрасіла людзей з абмежаванымі магчымасцямі на дзень адчыненых дзвярэй “Запрашае бібліятэка”, які быў прымеркаваны да Міжнароднага дня інвалідаў. Наведвальнікамі бібліятэкі былі дзеці з абмежаванымі магчымасцямі СШ № 38 і пацыенты рэабелітацыйнага аддзялення для людзей з праблемамі зроку дзяржаўнай установы сацыяльнага абслугоўвання “Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”.
Для гасцей бібліятэкі была праведзена экскурсія па бібліятэцы “Кніжная галактыка”. Адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы творчых работ “Выпраменьваць цяпло”, дзе прадстаўлены вырабы, выкананыя ў тэхніках вышывання, бісерапляцення, вязання, дэкору 15 членаў Віцебскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”.
Прысутным быў прапанаваны агляд агучанай літаратуры з калекцыі бібліятэкі імя М. Горкага “Гаворачая кніга”, а завяршылася святочная праграма сустрэчай з ганаровым членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Барысам Беляжэнка.