6 мая ў бібліятэцы імя С. Маршака прайшло часопіснае дэфіле «Нашы часопісы для дзяцей і падлеткаў», прымеркаванае да Дня друку.
Хлопчыкаў і дзяўчынак сярэдняй школы №29 пазнаёмілі з выданнямі, якія прыходзяць у бібліятэку.
Далей прапанавалі прыняць удзел у гульні-віктарыне «Мудрасці-прэмудрасці» і на час ператварыцца ў сапраўдных журналістаў падчас творчага конкурсу «Я — рэдактар». Асаблівы азарт выклікалі моўныя заданні. Дзеці шукалі адказы ў віктарыне «Таямніцы беларускіх слоў» і вызначалі лепшага ў конкурсе «Знаўца беларускай прэсы». І, канечне, цяпер кожны ведае, хто з'яўляецца галоўным героем легендарнай «Вясёлкі»! Завяршылася сустрэча ўтульным чытаннем: дзеці з задавальненнем гарталі свежыя нумары і дзяліліся ўражаннямі.


















