12 сакавіка адбылася літаратурная вандроўка для выхаванцаў дзіцячага сада №105, падрыхтаваная супрацоўнікамі бібліятэкі імя Еўдакіі Лось. Яна была прысвечана творчасці Васіля Віткі, значнай асобы ў беларускай дзіцячай літаратуры. Дарэчы, у бягучым годзе пісьменніку спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння.
Яго талент яскрава праявіўся ў розных творчых напрамках – драматургія, паэзія, публіцыстыка, крытыка, пародыя. Але ж найбольш выразным ён быў у паэтычных творах для дзяцей, якім адразу палюбілісь займальныя казкі і вершы. Бібліятэкар расказала дзецям аб таленавітым літаратары, пазнаёміла з вядомым героем Віткі Васем Вясёлкіным. Менавіта ён стаў так званым брэндам беларускага дзіцячага часопіса «Вясёлка», галоўным рэдактарам якога быў Вітка на працягу 17 гадоў.
Хлопчыкі і дзяўчынкі пачулі вясёлыя вершы «Бабіны госці», «Генерал верабей», «Коця і Каця», «Провады снежнай бабы». Даведаліся, што такое «бярозавая каша», зразумелі, што хлусіць і «задзіраць нос» вельмі дрэнна.
Напрыканцы дзеці пазнаёміліся з кнігамі Васіля Віткі.

















