У межах праграмы летніх чытанняў чытачы бібліятэкі імя У. Караткевіча не першы год адпраўляюцца ў віртуальнае касмічнае падарожжа да планет "Кніжнай галактыкі".
8 чэрвеня наведвальнікі летняга лагера ДУА "Сярэдняя школа №28 г. Віцебска" і ДУА "Сярэдняя школа №11 г. Віцебска" адкрылі для сябе планету "Спадчына", з'яўленне якой у гэтым годзе абумоўлена памятнай датай – 85-годдзем з дня нараджэння Ул.Караткевіча.
Пісьменнік у сваіх казках расказваў пра чароўную краіну і называў яе "нейкім прыгожым краем", што знаходзіцца "трошкі бліжэй да Сонца і трошкі далей ад Месяца". Вось на гэтай планеце і адбыліся сустрэчы дзяцей з казачнымі героямі: з Янкам і Аленкай, з Жабкамі і Чарапахай, з Вераб'ём і Савой. Удзельнікам мерапрыемства спадабаліся вясёлыя гульні, у аснову якіх былі пакладзены чароўныя гісторыі пісьменніка: "Вясна ўвосень", "Мужык і дзіва аднавокае", "Кацёл з каменчыкамі", а таксама фокус з вызваленнем ад пут па сюжэту казкі "Вужыная каралева".