12 снежня ў бібліятэцы імя Ул.Караткевіча прайшла віртуальная вандроўка "Казкі з дарожнага чамадана", у якой бралі ўдзел вучні 3 "Г" класа гімназіі №3. Размова шла пра казкі народаў свету, якія адлюстроўваюць культуру, побыт і нацыянальны характар розных этнасаў.
Дзеці дома пазнаёміліся з чароўнымі гісторыямі і ў сваіх адказах адзначалі, што дабрыня, кемлівасць і справядлівасць заўсёды перамагаюць зло, а літаратурныя персанажы дапамагаюць зразумець сувязь чалавека з прыродай, вучыцца сяброўству, сумленнасці і суперажыванню. Вучняў таксама пазнаёмілі з усходнімі і славянскімі традыцыямі, чукоцкімі і афрыканскімі вераваннямі, расказалі пра персанажы, якія часцей за ўсё сустракаюцца ў казках асобных народаў.

















