27 лістапада ў бібліятэцы імя Еўдакіі Лось адбылася літаратурная гадзіна, прысвечаная 95-гадоваму юбілею Уладзіміра Караткевіча. Яе ўдзельнікамі сталі вучні 4 «А» класа гімназіі №4 імя М.І.Дзенісенкі.
Зорнае імя таленавітага творцы, знаўцы гісторыі і адчайнага прыхільніка ўсяго, што звязана з Беларуссю, даўно стала адным з сімвалаў нашай краіны. Усю сваю душу, напоўненую непаддзельнай любоўю да Бацькаўшчыны, Уладзімір Караткевіч адкрыў у літаратурных творах.
Для ўдзельнікаў мерапрыемства прагучаў невялікі аповед, звязаны з біяграфічнымі звесткамі аб пісьменніку і яго творчым шляху. Адбылося знаёмства чацверакласнікаў з вершамі «Бацькаўшчына», «Як размаўляюць звяры і птушкі», «Беларуская песня», з казкай «Жабкі і Чарапаха». На завяршэнне дзяцей чакала заданне, па якому патрэбна было правільна скласці вядомыя выказванні Уладзіміра Караткевіча.



















