12, 13, 17, 19, 20 чэрвеня ў бібліятэцы імя Ул. Караткевіча наведвальнікі школьнага лагера СШ № 34, гімназіі №9, СШ № 12, гімназіі №1 , СШ № 11, спецыяльнай школы №26 прынялі ўдзел у свяце адкрыцця праграмы летняга чытання «Чароўны ключык ад краіны Чыталіі». Да дзяцей завіталі ўсім вядомыя літаратурныя героі з казкі Аляксея Талстога «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна».
Чарапаха Тарціла запрасіла дзяцей у краіну, дзе гаспадарыць каралева Кніга. А Ліса Аліса ўгаворвала іх разам з ёй адправіцца на Поле Цудаў. Але ў яе нічога не атрымалася. Не дапамаглі ні маляўнічыя расказы пра прыгажосць Краіны Дурняў і бесклапотнае жыццё там, ні цудадзейныя словы, ні спробы прывесці на дапамогу адмоўных персанажаў з іншых казак. Дзеці адкрылі для сябе простую ісціну: сапраўдны скарб трэба шукаць не на Полі Цудаў, а на старонках добрых кніг. І таму яны разам з Чарапахай Тарцілай і Лісой Алісай, якая таксама многае зразумела, пры дапамозе чароўнага ключыка адправіліся ў сапраўды цудоўную краіну – Краіну Ведаў, дзе можна, не выходзячы з дому, апынуцца на іншым кантыненце, або у космасе, зазірнуць у далёкія стагоддзі, або ўбачыць будучыню.
Гэта краіна здольна змяніць кожнага, там можна выхаваць у сабе лепшыя якасці, набрацца розуму і мудрасці. Гэта думка лягла ў аснову тэатралізаванага прадстаўлення і ў ходзе яго стала зразумелай усім, хто прысутнічаў на свяце.