З 1 лютага ў бібліятэцы імя У. Караткевіча праходзіць выстава ўнікальнага праекта народнага клуба «Рошва» (г. Полацк) «Песня маляванцы», выкананага па матывах маляванак выдатнай беларускай мастачкі інсітнага жанру Алены Кіш.
Над праектам майстрыхі клуба працавалі пяць год. Для стварэння палотнаў была абрана складаная ручная тэхніка «балтыморскага квілта» – асаблівага віду аплікацыі, якая аддалена нагадвае нашы беларускія маляванкі. Толькі маляванкі распісваюцца пры дапамозе фарбаў і пэндзля, а творчыя работы майстрых «Рошвы» – іголкай, ніткай і лапікамі тканіны.
На выставе прадстаўлены работы з кветкавымі ўзорамі, якія здзіўляюць сваёй незвычайнай прыгажосцю і сюжэтныя матывы пад назвай «Чаканне шчасця», якія адлюстроўваюць ўсё жыццё жанчыны – ад маладой прамяністай вясны, да спакойнай і халоднай зімы. За кожнай працай – цярпенне доўгіх вечароў і трапятанне душы, свой матыў і свае словы песні, свая гісторыя і свая мара аб шчасці.
Запрашаем на выставу і жадаем прыемнага прагляду.