1     5 чэрвеня адбылася гістарычная гадзіна «З мінуўшчыны слаўных падзеяў і спраў», прысвечаная Дню памяці Еўфрасінні Полацкай і 900-годдзю заснавання Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра. Удзельнікамі мерапрыемства ў бібліятэцы імя Е.Лось сталі падлеткі з працоўнага лагера, арганізаванага пры СШ № 7.

       Першая беларуская асветніца, якая абрала шлях служэння Богу і людзям, на стагоддзі стала пуцяводнай зоркай для мноства пакаленняў. Заснаваны Еўфрасінняй Полацкай жаночы манастыр зрабіўся аплотам веры і пазнання. Яго храмы перажылі розныя гістарычныя сутарэнні, але засталіся для сучаснасці сімвалам моцнага духу.

   Хлопцам і дзяўчатам нагадалі гістарычныя падзеі далёкага часу і прапанавалі ў думках здзейсніць падарожжа ў ХII стагоддзе.

2       Гэтай славутай жанчыне прысвечана шмат твораў. Да яе вобраза звярталіся паэты розных часоў, не гледзячы на панаванне ўладаў, якія былі супраць веры. Падлеткі пачулі вершы Алеся Звонака, паэта 20-х гадоў прошлага стагоддзя. А Алесь Разанаў прысвяціў свае радкі знакамітай полацкай князёўне ў 1973 годзе. І, вядома, не маглі абысці гэтую тэму сучасныя паэты, чыё жыццё так ці інш звязана са старажытным горадам – Навум Гальпяровіч і Галіна Загурская.