2 ліпеня ў бібліятэцы імя Е. Лось адбылася пазнавальная вандроўка "Я гэты край Радзімай называю", прысвечаная Дню Незалежнасці, для наведвальнікаў летняга лагера СШ № 8.
Галоўнае дзяржаўнае свята, якое адзначаецца ў дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сімвалізуе мір, росквіт і прыгажосць нашай краіны, а таксама непарыўную сувязь пакаленняў. Бібліятэкар звярнула ўвагу дзяцей на тое, што веданне гісторыі Бацькаўшчыны, подзвігаў яе слаўных сыноў і дачок дае падставу ганарыцца сучаснай Беларуссю.
Падчас вандроўкі хлопчыкі і дзяўчынкі пачулі аповед пра подзвіг Марыі Акцябрскай, якая аддала свае асабістыя сродкі на будаўніцтва танка, стала механікам-вадзіцелем і змагалася з ворагам на беларускай зямлі. За гэты подзвіг ёй пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У Беларусі нямала гістарычных, архітэктурных і прыродных аб'ектаў, якія сталі сапраўднымі сімваламі нашай краіны. Удзельнікі вандроўкі зрабілі віртуальныя прыпынкі ў Полацку каля Сафійскага сабора, у Мірскім замку, у Белавежскай пушчы і ў музеі валуноў. Адказваючы на пытанні віктарыны, дзеці адгадалі імя майстра Лазара Богшы. Яны склалі назвы вядомых камянёў з пераплутаных літар і пераклалі з беларускай мовы на рускую назвы кветак.
Напрыканцы бібліятэкар пазнаёміла рабят з кнігамі, у якіх можна знайсці шмат цікавага і карыснага пра славутыя мясціны нашай краіны.

