18 і 19 лютага ў дзіцячым садзе №94 адбылося сапраўднае свята беларускай мовы і літаратуры — гучныя чытанні «Казкі з чароўнага кошыка бабулі Алены», арганізаваныя супрацоўнікам бібліятэкі імя С. Маршака.
Бібліятэкар у вобразе лагоднай Бабулі Алены прынесла з сабой не проста кошык, а сапраўдную скарбніцу беларускіх казак, з якога з'яўляліся адна за адной цудоўныя кнігі з беларускімі казкамі!
Кожны змог дакрануцца да «чароўнага» кошыка і выбраць казку па душы. Разам з бабуляй дзеці смяяліся над прыгодамі герояў. Вучыліся адрозніваць дабро ад зла. Папаўнялі свой слоўнікавы запас прыгожымі беларускімі словамі. Адгадвалі загадкі і знаёміліся з беларускімі традыцыямі. Асабліва кранальна гучалі беларускія вершы. Дзеці знаёміліся з рытмам роднай мовы праз вершаваныя радкі пра прыгажосць прыроды, маму і сяброўства. Гэта было сапраўднае «музычнае» гучанне нашай мовы! А каб не засядзецца, Бабуля Алена прапанавала народныя гульні:
«Адгадай героя»: па апісанні дзеці пазнавалі персанажаў беларускага фальклору; «Назаві ласкава»: вучыліся падбіраць самыя цёплыя словы на роднай мове; «Мудры кошык»: дзеці даставалі з кошыка рэчы-падказкі і адгадвалі, з якой яны казкі.
Такія сустрэчы вучаць дзяцей любіць родную мову, паважаць карані і верыць у цуд. Дзякуй Бабулі Алене за цеплыню і шчырасць!
