IMG 5678"Дзяцінства – самы прыгожы час у жыцці кожнага чалавека. Блакітнае неба над галавою. Побач мама і тата. Але было пакаленне, для якога напамін аб дзяцінстве звязаны з невыносным болем, жахам, адчаем, цяжкімі выпрабаваннямі. Замест шчаслівага дзяцінства яны бачылі смерць, разбурэнні, пакуты родных і блізкіх людзей", - з гэтых слоў 3 мая ў бібліятэцы імя Ул. Караткевіча для вучняў пачатковых класаў "ДУА "Сярэдняя школа №11 г. Віцебска" пачаўся ўрок памяці "Іх дзяцінства перакрэсліла вайна".

Вучням расказалі пра подзвігі маленькіх сувязных і разведчыкаў, сыноў палкоў, пра дзяцей, якія працавалі замест дарослых у калгасах і саўгасах, у шпіталях, на фабрыках і заводах, і пра тое, што яны ў гэты няпросты час не пераставалі вучыцца: чыталі пры свечках і газавых лямпах, пісалі на газетах ці шматках шпалераў замест сшыткаў. Вельмі ўсхвалявала прысутных інфармацыя пра канцэнтрацыйныя лагеры: Трасцянец, 5-ты полк, Асвенцым, у якіх побач з дарослымі пакутвалі і дзеці. Мультымедыйная прэзентацыя пазнаёміла з помнікамі дзецям вайны, якія ўстаноўлены ў Ленінградзе, у Гомелі, у Віцебску (парк імя М. Шмырова), расказалі пра ўзнагароды, якімі былі ўдастоены юныя абаронцы Радзімы.

Закончыўся ўрок памяці пажаданнем усім людзям ніколі больш не пазнаць жахаў вайны, каб усе дзеці раслі пад мірным небам і маглі здзейсніць свае мары.