29 кастрычніка ў бібліятэцы імя Ул. Караткевіча з удзелам вучняў СШ №26 прайшло адкрыццё выставы лялек Анжалікі Вішнеўскай «Анёлы, анёлы і ўсе, усе, усе...». Дзецям расказалі пра аўтара выставы - майстра народных і аўтарскіх лялек, прадставілі анёлаў, якія сімвалізуюць поры года.
А таксама прапанавалі выканаць заданні: ад анёла восені, напісаныя рознакаляровымі лісточкамі, ад анёла зімы - іскрыстымі сняжынкамі, ад анёла вясны - першымі кветкамі і ад анёла лета - спелымі ягадамі. Далей дзеці знаёміліся з літаратурнымі персанажамі, прадстаўленымі на выставе, праз прадметы, якія прысутнічаюць у казках, праз фрагменты з мультыплікацыйных і мастацкіх фільмаў, і праз кнігі, героямі якіх яны з'яўляюцца. Напрыканцы мерапрыемства дзеці паказалі лялечную імпрэзу - казку «Калабок».




