У рамках эстэтычнага праекта «ArtСустрэча» 29 студзеня ў бібліятэцы імя Е. Лось адбылася творчая вечарына паэтэсы і выканаўцы аўтарскіх песень Ганны Чумаковай.
Як нараджаюцца вершы і чаму разам з імі гучыць мелодыя? Пытанне, на якое шукаюць адказ стагоддзямі. Знаёмячыся з аудыторыяй, Ганна расказала пра свой шлях у паэзію. Ён пачаўся яшчэ ў школьныя гады. Менавіта тады быў выданы першы невялічкі зборнік вершаў. І ўжо ў той час захацелася, каб паэзія гучала разам з музыкай. Так сталі атрымоўвацца і выконвацца песні ў суправаджэнні гітары.
Пазней Ганна Чумакова стала членам Мінскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. На свет з'явіліся яшчэ тры кнігі з вершамі. Свае творы маладая паэтка чытае па-асабліваму – выкарыстоўваючы незвычайныя інструменты. Кожны верш для слухача падаецца маленькім спектаклем. У зале панаваў дзіўны настрой, створаны гучаннем хэпідрама і філасофскіх вершаў.
Вечарына прайшла ў форме дыялога. Да Ганны было шмат пытанняў, на якія яна шчыра адказвала. Скончылася сустрэча падпісаннем зборнікаў паэзіі для чытачоў.