заст     1 красавіка ў бібліятэцы імя Еўдакіі Лось адбылася літаратурная вандроўка «Зачараванне казкай» па творчасці сучаснай беларускай пісьменніцы Алены Масла, якая ў бліжэйшы час адзначае 55-гадовы юбілей.

     Асноўны жанр, у якім працуе Алена Сцяпанаўна, — казка. Вядома, што гэта вельмі падабаецца дзецям. Але казкі пісьменніцы вельмі арыгінальныя, бо героямі ў іх часта становяцца невялікія казюркі, насякомыя, птушачкі ці звычайныя рэчы. Кожная казка нясе свой філасафічны змест і павучальнасць.
     Удзельнікі літаратурнай вандроўкі, а гэта былі наведвальнікі школьнага лагера СШ №17, паслухалі казку «Будзільнік», абмеркавалі яе разам з бібліятэкарам. Любоўю да малой радзімы — Міёршчыны, прасякнуты кнігі «Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала» і «Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі». Больш таго, яны ў мастацкай форме даюць шмат пазнавальнай інфармацыі. Дзеці з задавальненнем адказвалі на пытанні гульні «Верыш ці не?» пра знакамітае балота Ельню, адгадвалі загадкі пра герояў кніг Алены Масла. З азартам паўтаралі беларускамоўныя скарагаворкі.
--