1     Адкрыццё юбілейнага выставачнага праекта ўдзельнікаў народнага клуба аматараў фларыстыкі «Анюта» ДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кола г. Віцебска «Дзвіна» адбылося ў бібліятэцы імя Ул. Караткевіча 15 красавіка.

 

     На ім прысутнічалі вучні 1-х класаў ДУА «Сярэдняя школа №11 г. Віцебска». Экспазіцыя, прадстаўленая ў зале, налічвае каля 40 работ дваццаці аўтараў і адлюстроўвае шматлікія тэхнікі работы з фларыстычным матэрыялам (фларыстычная графіка, насыпная тэхніка, энкаўстыка з раслінным матэрыялам, фітакалаж, змешаная тэхніка, таполевы пух).

     Выстава паказвае разнастайнасць жанраў: пейзаж, нацюрморт, анімалістычныя карціны, кветкавыя кампазіцыі, на якіх тонкая сцяблінка ператвараецца ў разгалістае дрэва, насенне бярозы - зграйкай птушачак, лісточкі серабрыстай вярбы - месяцовымі блікамі на вадзе.

2

    Дзецям расказалі пра гісторыю ўтварэння назвы клуба, пра ўзнагароды, атрыманыя калектывам за 30 гадоў, пра выяўленчыя сродкі і інструменты майстроў, пра тое колькі патрабуецца пяшчоты, тонкасці і цярпення для стварэння пейзажаў і нацюрмортаў, выяў птушак, жывёл і людзей.

     Першакласнікаў таксама пазнаёмілі з кнігай Яны Явіч «Самыя кветкавыя сны», якая расказвае пра прыгоды Астраліны, юнай жыхаркі Марса, якая вандруючы па Зямлі знаёміцца з кветкамі і цікавай пазнавальнай інфармацыяй пра іх. Напрыканцы мерапрыемства дзецям прапанавалі зрабіць сваю асабістую фларыстычную работу з выкарыстаннем кардону і суквеццяў вярбы.

3