7 лютага ў бібліятэцы імя У.Караткевіча з удзелам 3 «А» класа СШ №11 прайшла пазнавальная гадзіна па кнізе Анатоля Клышкі «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння аўтара выдання і 535-годдзю з дня нараджэння знакамітага беларускага кнігадрукара.
Спачатку дзяцей пазнаёмілі з жыццём і творчасцю вядомага пісьменніка, перакладчыка, педагога Анатоля Клышкі, прадставілі кнігі аўтара «Прыгоршчы языкаломак», «Тысяча арэшкаў» і інш. А потым вучняў запрасілі ў займальнае падарожжа па старонках нарыса «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга». Дзеці даведаліся пра матэрыялы, на якіх пісалі людзі ў старажытнасці, пра інструменты, якія яны пры гэтым выкарыстоўвалі, пра вынаходку паперы і друкарскага станка. Асобная старонка мерапыемства была прысвечана нашаму выдатнаму земляку Францыску Скарыну. Вучні, у сваю чаргу, не толькі слухалі, але і дэманстравалі свае веды, адказвалі на пытанні бібліятэкара па гісторыі кнігадрукавання.