З 18 ліпеня ў бібліятэцы імя У. Караткевіча праходзіць выстава творчых работ «Грані» полацкага народнага клуба аматараў лапікавага шыцця «Рошва», што азначае прыгожае дэкаратыўнае шво, якое злучае якія-небудзь дэталі. 20 гадоў таму клуб быў створаны для аматараў пэчворка сапраўднай энтузіясткай Нінай Ярмух.
У аснову ідэі выстаўленага ў сценах бібліятэкі праекта «Грані» леглі звесткі з багатай славянскай міфалогіі, у якой згадваецца Бог Чур – ахоўнік зямельных уладанняў, правоў уласнасці, абароны, цэласці.
Цэнтрам кампазіцыі з'яўляецца выява драўлянага Чура, вакол размешчаны ручнікі, якія суправаджаюць чалавека ад нараджэння і да смерці, а насупраць – аб'яднаныя па сэнсе палотны - Чуры.
Грані, Памежнікі, Чуры – маўклівыя вартавыя і сведкі людскіх лёсаў, кароткіх імгненняў і цэлых пакаленняў, знакі непераходзячых каштоўнасцей быцця...
У кожнага, хто прыйдзе на выставу, застанецца надоўга пачуццё захаплення выдатнымі момантамі жыцця, дачынення да агульнага дома, імя якому – Радзіма.