2   19 лістапада ў бібліятэцы імя Е.Полацкай адбылася сустрэча з вядомым празаікам Францам Сіўко.

 

    Гэта быў экскурс у гісторыю літаратуры паводле матэрыялаў, назапашаных пісьменнікам падчас вандровак па адметных літаратурных мясцінах. Даўнія падзеі ў адной з якіх, знакамітай талстоўскай Яснай Паляне, з'явіліся стрыжнем сюжэта яго апошняга па часе напісання эсэ «Тры вярсты», што рыхтуецца да друку ў часопісе «Дзеяслоў». Было па-сапраўднаму цікава.
     Мудра, ненавязліва і з густам, як умеюць гэта рабіць вопытныя настаўнікі. Што не дзіўна з такім стажам працы ў школе і ва ўніверсітэце, як у Франца Сіўко (ён аддаў педагогіцы каля дваццаці пяці год жыцця і звычцы грунтоўна рыхтавацца да кожнай сустрэчы з чытачамі не здрадзіў). А калі дадаць да гэтага яшчэ ўменне не толькі глыбока ўнікнуць у сутнасць матэрыялу, але і талент належным чынам данесці яго да суразмоўцы, – то вось і атмасфера ў аўдыторыі падчас імпрэзы.

   Перыпетыі ўзаемаадносінаў творчай асобы з крэўнымі, звязаныя з рознасцю поглядаў на грамадскае ці побытавае ўладкаванне, межы права мастака на ігнараванне інтарэсаў сям'і і, адпаведна, права сям'і на навязванне яму ўласных падыходаў да вырашэння тых ці іншых жыццёвых сітуацый, – у такім рэчышчы адбывалася размова, суправаджальная дэманстрацыяй шматлікіх фотаздымкаў. Адна з тых, што надоўга застаюцца ў памяці важкім эпізодам дакранання да чагосьці вартага, значнага.

1 полоцкой книги сивко