1     Святочную праграму «Адкуль прыйшла Каляда» падрыхтавалі 29 і 30 снежня супрацоўнікі бібліятэкі імя Ул.Караткевіча для наведвальнікаў школьнага лагера СШ №42 і №34.

 

 

     Дзеці з цікавасцю слухалі расповед пра тое, як святкавалі Каляды нашы продкі, як выглядае і што сімвалізуе калядная зорка, якое дрэўца ўпрыгожвалі ў доме, як накрывалі стол, як гадалі пры дапамозе саломы, якую клалі пад абрус. А потым з удзелам аўдыторыі пачаліся калядныя гулянні.

     Пры дапамозе каверзных пытанняў былі выбраны калядоўшчыкі, пераапранутыя ў казу і мядзведзя, у цыгана і цыганку. Каза танчыла і спявала, а таксама прымала (пляскала ў далоні) або не прымала (тупала ножкамі) тыя гасцінцы, якімі яе «частавалі». Мядзведзь дэманстраваў сваю сілу і спрыт, а таксама паказваў, як дзеці ў школу ідуць, як вяртаюцца з выдатнай адзнакай, а як – з двойкай, як старыя на малых лаяцца, як дзяўчаткі танчаць і як ў люстэрка глядзяцца. Цыган і цыганка прапанавалі прысутным паваражыць на прадметах, якія кожны даставаў з мяха і для кожнага было падрыхтавана добрае светлае прадказанне.

    Напрыканцы свята дзецям расказалі добрую, шчымлівую казку пра зорачку, якая выратавала маленькую дзяўчынку (Алена Масла «Зорачка»), а потым пачаўся «чароўны зорапад», і кожны ўдзельнік свята змог загадаць, нашаптаць запаветнае жаданне маленькай зорачцы, што «упала» на яго далонь.

2

3