DSCF3084Ну і няхай сёння раніца шэрая,
І не восень ужо, не зіма,
Мы прыйшлі віншаваць Караткевіча,
Хто сказаў, што яго тут няма?
                                   Н. Пыжыкава

 

26 лістапада – у бібліятэках горада прайшоў Дзень памяці Ул. Караткевіча "Душа і сэрца Беларусі" з нагоды 84-угодак з дня нараджэння нашага земляка, пісьменніка, паэта і драматурга.

DSCF3198У 12.00 супрацоўнікі бібліятэк традыцыйна ўсклалі кветкі да помніка пісьменніку.

У цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М. Горкага ўвазе чытачоў была прадстаўлена кніжная выстава "Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы", у салоне "Класіка+ кіно" адбылася дэманстрацыя фільма "Дзікае паляванне караля Стаха"

Прыхільнікі творчасці паэта сабраліся ў чытальнай зале бібліятэцы на прэзентацыю кнігі Дзяніса Марціновіча " Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча". Прысутным было прапанавана віртуальнае знаёмства з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка, прадстаўлена магчымасць пачуць зварот пісьменніка да сваіх чытачоў пад час святкавання яго 50-гадовага юбілею. Пад час прэзентацыі кнігі Дзяніс Марціновіч расказаў пра гісторыю напісання кнігі, адказаў на пытанні прысутных, а тыя, хто набыў кнігу атрымалі аўтограф аўтара.

Літаратурны партрэт "Божа, храні мой край" падрыхтавала бібліятэка імя М. Багдановіча, агляд жыцця і творчасці пісьменніка "Падарожжа па лабірынтах веры і душы" прапанавала сваім чытачам бібліятэка імя П. Броўкі. У бібліятэцы імя Ул. Караткевіча прайшла вечарына-партрэт "Для Беларусі ён жыў і тварыў" і бібліяграфічны ўрок "Уся краіна можа ганарыцца нашым земляком". Чытачы бібліятэкі імя С. Маршака сталі ўдзельнікамі літаратурнай гадзіны "Маіх радкоў няма без Беларусі...", а бібліятэка імя Я. Купалы запрасіла на літаратурную праграму "Вечар з Уладзімірам Караткевічам".