1     14 лютага ў бібліятэцы імя Ул.Караткевіча для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры віцебскай вобласці прайшоў круглы стол «Мовы роднай творчы агонь».

      Загадчык бібліятэкі правяла экскурсію, расказала пра работу супрацоўнікаў па прапагандзе сярод чытачоў беларускай мовы, культуры і літаратуры, прыпынілася на новых інтэрактыўных формах работы па развіццю ўстойлівай зацікаўленасці чытачоў творамі нацыяльнай літаратуры, правяла агляд кніг сучаснай дзіцячай паэзіі, прозы і драматургіі, а таксама прадставіла літаратуразнаўчыя выданні, карысныя ў рабоце настаўніка беларускай мовы і літаратуры.

2

     Напрыканцы сустрэчы гасцей бібліятэкі запрасілі прыняць удзел у вечарыне «Раўненне на гумар і сатыру», якую правёў лаўрэат літаратурнай прэміі імя Кандрата Крапівы, вядомы беларускі паэт-гумарыст, перакладчык Міхась Мірановіч. Міхаіл Канстанцінавіч прачытаў гумарыстычныя вершы з выданняў для дзяцей і дарослых «Міранізмы», «Жартачкі», «Безальтэрнатыўная Ева», «Неспадзяванка», а таксама прэзентаваў свае новыя кнігі: іранічныя мемуары «Згадкі» і зборнік літаратурных пародый «Перасмешкі».

34    Прысутныя цэлую гадзіну былі ў палоне міранізмаў і жартачак, літаратурных пародый і фрашак (вершаваных гумарыстычных караценькіх вершыкаў), а таксама празаічных твораў пісьменніка. Міхась Мірановіч падпісаў шмат кніг удзячнай аўдыторыі, таму прысутныя не толькі на мерапрыемстве атрымалі зарад добрага настрою, але і ўзялі яго з сабой.

5