IMG_6890Менавіта пад такой назвай 10 красавіка ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М. Горкага прайшла сустрэча за круглым сталом інвалідаў па зроку - аматараў паэтычнага слова.  Сярод удзельнікаў круглага стала -  прызнаны майстра слова, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Філіпавіч Шпыркоў, які шмат гадоў адпрацаваў у газеце “Віцебскі рабочы”, Мікалай Сяргеевіч Агееў, які стаў інвалідам па зроку пасля ранення, атрыманага ў Афганістане. Ён, ў асноўным, размяшчае свае вершы ў інтэрнэце, Галіна Уладзіміраўна Пруднікава, былы інжынер-канструктар, Віктар Мікалаевіч Сакалоў, былы заатэхнік. Свае гумарыстычныя вершы пачытала Ніна Андрэеўна Вячына, якая вельмі часта бывае вядучай на канцэртах мастацкай самадзейнасці.

Цікава было не толькі паслухаць вершы, а і пачуць расказы прысутных пра свой лёс і тыя драматычныя моманты, якія зрабілі іх інвалідамі па зроку. Але бадай галоўнымі на сустрэчы былі нават не вершы, а той чалавечы аптымізм, які ідзе ад гэтых людзей, іх пачуццё гумару, іх імкненне знайсці сябе ў такіх складаных жыццёвых абставінах. У зале панавала атмасфера творчасці і дабрыні. Гэтаму дапамаглі і супрацоўнікі бібліятэкі імя М. Горкага, якія дапаўнялі расказы аб удзельніках, чыталі іх вершы, прадставілі магчымасць пачуць некаторыя вершы і напісаныя на іх словы песні ў аўдыёзапісу. Супрацоўніца бібліятэкі Валянціна Аркадзьеўна Шырынава пазнаёміла са сваімі паэтычнымі творамі. Напрыканцы ў адрас супрацоўнікаў бібліятэк удзельнікамі сустрэчы было выказана многа цёплых слоў падзякі і спадзяванняў на далейшыя сустрэчы.