img_5529

“Я праз вершы выходжу ў Сусвет” - менавіта пад такой назвай 13 лістапада, у Міжнародны дзень інвалідаў па зроку, у ЦГБ імя М. Горкага адбылася юбілейная вечарына паэта Алеся Фаміча Шпыркова. Пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка прысутным расказала старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Т. І. Краснова-Гусачэнка.

Нарадзіўся паэт на Расоншчыне, у Полацку прайшлі яго школьныя гады, потым быў педагагічны інстытут у Мінску, гады работы на Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўлі ў Наваполацку. З 1982 года працаваў у абласной газеце “Віцебскі рабочы”. Друкавацца пачаў у 1954 годзе. На сённяшні дзень, нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са зрокам, 75-гадовы Алесь Фаміч працягвае творчую дзейнасць.

Юбіляра сардэчна павітала дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Віцебска Г. Г. Данілава. На сустрэчы гучалі вершы Алеся Фаміча ў аўтарскім выкананні, а выступіўшыя калегі па пісьменніцкаму цэху Б. Беляжэнка, М. Мацюхін, М. Агееў сказалі многа цёплых слоў у адрас юбіляра, пачыталі свае вершы.