IMG 72416 чэрвеня ў бібліятэцы імя Ул. Караткевіча для школьнага лагера ДУА "Гімназія №3 г. Віцебска імя А.С. Пушкіна" прайшло свята адкрыцця праграмы летняга чытання "С хорошей книгой ярче лето!"

Фея Лета павітала дзяцей, павіншавала з пачаткам самых вялікіх школьных канікул і запрасіла прыняць удзел у цікавай святочнай праграме. Але адправіцца ў займальнае падарожжа па Кніжнай Галактыцы гімназістам перашкодзіў злосны камп'ютэрны вірус Кербер: ён захапіў у палон і аблытаў камп'ютэрным павуціннем саму Каралеву Кнігу. Каб яе выратаваць, трэба было выканаць шматлікія заданні, якія паказалі б, што дзеці не знаходзяцца ў камп'ютэрнай залежнасці, што яны любяць чытаць, займацца спортам, тварыць, гуляць на свежым паветры. Спрабавала разблытаць камп'ютэрнае павуцінне нават бабулька Шапакляк. Не ўсё атрымлівалася ў гэтага казачнага персанажа, але дзеці ёй ахвотна дапамаглі правільна адказаць на пытанне, зрабіць зарадку, напісаць верш. І калі Каралева Кніга была вызвалена, то і з адмоўнай гераіняй Эдуарда Успенскага таксама адбыліся метамарфозы, ёй захацелася стаць самай лепшай няней у свеце. У фінале тэатралізаванага прадстаўлення яна ўжо ў вобразе Мэры Попінс пахваліла дзяцей за знаходлівасць і кемлівасць, за любоў да кнігі і да чытання і запрасіла разам праспяваць яе любімую песню.

Спектакль спадабаўся і дзецям, і настаўнікам, выклікаў шмат пазітыўных эмоцый і даў правільную ўстаноўку на ўсё лета: "С хорошей книгой ярче лето!"

IMG 7233