Віцебскае патрыятычнае падполле пачало дзейнічать з першых жа дзён акупацыі. У яго станаўленні і дзейнасці выразна бачны 2 перыяды: 1-шы – ад пачатку вайны да адкрыцця Віцебскіх (Суражскіх) варот у лютым 1942 г. і 2-гі – з лютага 1942 г. да канца чэрвеня 1944 г., да вызвалення.

 Групы ў горадзе ствараліся радавымі камуністамі і камсамольцамі, або фарміраваліся стыхійна, аб'ядноўваючы патрыётаў па сумеснай даваеннай працы ці сямейнаму прынцыпу. Многія групы фарміраваліся вакол армейскіх разведчыкаў, якія сумелі ўладкавацца ў горадзе з першых дзён вайны. Да канца 1941 г. ў горадзе дзейнічала 20 груп і нямала падпольшчыкаў-адзіночак.
      Адсутнасць адзінага кіруючага цэнтра ў горадзе, сувязі з Вялікай зямлёй, крывавы акупацыйны рэжым прымушалі кіраўнікоў першых груп дзейнічаць самастойна.
          Фронт спыніўся за 80 км. ад Віцебска. Гітлераўцы называлі яго шчытом ў Прыбалтыку і Ўсходнюю Прусію. Гарнізон горада павялічыўся да 5-ці тыс. чалавек.
Дапамога віцебскім падпольшчыкам прыйшла з боку Чырвонай Арміі. Цераз «вароты» пад Віцебск літаральна хлынулі шматлікія спецгрупы. Падпольшчыкі дапамагалі армейцам легалізавацца, збіраць разведінфармацыю, прыцягваць да работы новых людзей. Па атрыманых звестках савецкая авіяцыя настолькі дакладна і вынікова наносіла ўдары па варожых аб'ектах, што вельмі здзіўляла акупантаў і наводзіла страх. У аўтабіяграфічнай кнізе «Дневник немецкого солдата» нямецкі камуніст Кёрнер Шрадер, які знаходзіўся ў Віцебску да сакавіка 1942 г., пісаў: «Самолёты прилетают теперь ко времени прибытия и разгрузки эшелона... Раньше бомбы сбрасывались просто на рельсы, теперь они летят прямо на вагоны. Все ломают голову, откуда противник узнаёт о прибытии воинских составов...».
        Кіраўніцтва ажыццяўлялась праз сувязных, роля якіх станавілася выключна адказнай, бо рэжым перамяшчэння ажыццяўляўся пад дэвізам: «Ні аднаго рускага на дарогах!». У дакументах ад 1942 г. паведамлялася : «Перамяшчэнне па горадзе з 18.00 да 6 раніцы забаронена...Грамадзянскаму насельніцтву забаронены рух па ўсім вядучым ў горад шасэйным і грунтавым дарогам». Складаную работу сувязных выконвалі пераважна жанчыны і падлеткі. Усяго больш за 100 сувязных.
       У канцы 1942 г. ў Віцебску дзейнічала ўжо 56 падпольных груп. У гэтую барацьбу ўключыліся цэлыя сем'і: Бекішавы, Вялавы, Журынскія, Кулагіны, Лявонавы, Сакаловы, Свечкіны, Саладухіны, Старавойтавы, Шпакавы. Абстаноўка была вельмі складаная. Спробы стварыць адзіны партыйны цэнтр па кіраўніцтву падпольнай барацьбой не мелі поспеху. Таму ў верасні ў горад з дапамогай партызан была накіравана група вопытных спецыялістаў па дыверсійнай рабоце на чале з Верай Харужай. У першых сваіх пасланнях на імя В.Р.Кудзінава Вера Захараўна падкрэслівае, што глеба для работы ў горадзе добра падрыхтавана.
       1942 год быў годам найбольшага накалу і выніковасці падпольнай барацьбы. Дыверсіі, сабатаж, і тэрарыстычныя акцыі набылі выключна шырокі размах, больш моцнай стала іх матэрыяльная база.
        За 1942 г. падпольшчыкі Віцебска ажыццявілі 102 дыверсіі. Асабліва актыўную баявую работу вялі групы Мікалая Ляхоўскага, Пятра Смірнова, Васіля Арлоўскага, Леаніда Хрыпача, Васіля Крыленкі, Івана Бекішава. Групы Ф.Мехава і А.Гагулі пусцілі пад адхон 9 эшалонаў. Група Лідзіі Бярозкінай наладзіла выпуск савецкіх лістовак непасрэдна ў друкарні прафашысцкай газеты.

Спрабуючы знішчыць падполле гітлераўцы праводзілі карныя экспедыцыі і рэпрэсіі. У 1943 г. у выніку дзейнасці правакатараў падполлю быў нанесены цяжкі удар. Шмат патрыётаў было растраляна, павешана і кінута ў лагер СД.
Трэба адзначыць, што падполле было інтэрнацыянальным. Побач з беларусамі змагаліся прадстаўнікі многіх нацыянальнасцей Савецкага Саюза, і супрацоўнічалі нямецкія, чэшскія, славацкія і польскія антыфашысты.

Восенню 1943 г. частка вобласці была вызвалена ад акупантаў. Ужо з верасня гітлераўцы пачалі эвакуацыю сваіх устаноў і прымусовы вываз насельніцтва на захад. Групы патрыётаў сталі арганізавана выходзіць да партызан.

За перыяд акупацыі ў горадзе дзейнічала 66 падпольных груп (усяго каля 1500 чалавек). Сярод падпольшчыкаў было 42% жанчын. У горадзе было больш за 50 канспіратыўных кватэр. У жорсткай барацьбе з нямецка-фашыстскімі захопнікамі загінуў амаль кожны трэці падпольшчык.

Сёння вуліцы гарада і многіх паселішчаў носяць іх слаўныя імёны.

19 м